Сімпатыя замест эмпатыі

Наколькі больш натуральны, здаровы і прыемны панятак “сімпатыі” за “эмпатыю“!

Сімпатыя – шчырае ўпадабанне, жаданне наблізіцца, датыкнуцца, натхнёнае пачуццё, сігнал нібы аднекуль звонку.

Эмпатыя – штучна прыняты рэжым дзеяння, гэткая абязалаўка таталітарнага матрыярхальнага вулля з жаргону эйчараў ды скалечаных псіхалагінь, шызафрэнічная сумесь ветлівасці, мёртвага флірту, і самазакаханасці.

Між імі бездань.

Абстрактная, бязлікая, “пастаянна ўключаная” эмпатыя – пусты гук, думка-паразіт, вірус пастаяннага знешняга кантролю, цяжар уяўнай неабходнасці адпавядання чаканням гінекея. Зрэшты, эмпатыя як modus operandi – яшчэ і небяспечная, бо па змоўчанні адключае фільтрацыю пагроз.

Сімпатыя – сонечнае прыроднае пачуццё, фільтр шчырасці ўчынкаў, наўпрост з прыроды, гармонаў, густу, досведу, адчуванняў. Сімпатыя не заўсёдная і не ўзнікае па патрэбе; сімпатыя – вынік фонавай працы інтуіцыі і досведу.

Адмаўляйцеся ад “эмпатыі” – яна непатрэбная і шкодная ў прыняцці рашэнняў. Разумейце, што любы хто вымагае “эмпатыю” ад вас як кіроўны прынцып дзеянняў – маніпулюе. Адпаведна і ў штодзённай гаворцы карыстайцеся “сімпатыяй” больш, а эмпатыю выкараняйце, цела падладзіцца.

Сімпатыя, поруч з логікай і карысцю, і ёсць найлепшым чынам прыняцця рашэнняў.

Таму вучыць нас і даўні эпас, што Гамэр, што нардычныя сагі: высокі, прыгожы, светлы, красамоўны, роўны – значыць, – высакародны, добры і надзейны. Усе дзеючыя асобы там спачатку ўпадабаюць адно аднаго, а потым яднаюцца ў супольных справах.

Дапамагайце тым хто вам любы, сваім, падобным – тады і наладжваецца свет.

Як робіце наадварот – псуецца.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *