
Я дастаткова назіраў каб цвёрда ведаць, што для абсалютна кожнай ідэі надыходзіць час увасаблення.
Кожнае слова, кожная нота, кожная выява, намаляваныя і напісаныя публічна ці таемна кім заўгодна – стануць у нейкі момант вузлом чалавечай увагі.
Ня важна дзе гэта адбудзецца, у якой ступені, як скончыцца і як хутка – але яно будзе.
“Нішто ня спыніць ідэі час якой прыйшоў” – не тое, пашляціна. Ідэю можна спыніць, і яны паміраюць і глушацца пачкамі, але нам важнае тое, што яна ўвасобіцца.
Кожны каго лічаць “фрыкам” на нейкі час робіцца прарокам. Скіраваным наперад ці назад ці ўбок – няважна.
Абсалютна ўсялякі андэграўнд надоўга ці накаротка робіцца мэйнстрымам.
Таму адзіны варты ўжытак для часу жыцця пасля нараджэння дзяцей – прысвяціць сябе працы на свае ідэі і разам з тым гартаваць цела: каб заставацца ў гульні, каб мець шанец засведчыць гэта ўсё ды скарыстацца магчымасцямі.
Гэта заўсёды выдатнае супадзенне – быць на рагу сваёй ідэі ў момант яе ўвасаблення. Найвышэйшае бласлаўленне Лёсу, найвышэйшая перамога.
Лінія носьбіта ідэі на вяршыні ейнай хвалі – найярчэйшая выява для любога жывога, шчырага, і чулага чалавека. Таму Напалеон граў у Цэзара, які граў у Аляксандра, які граў у Ахілеса, які граў у Геракла.
Нават і не жывучы падчас таго дзівоснага выяўлення сваёх ідэй, чалавек перамагае.
Тое, у што ўкладаешся, што жывіш, тое жывіць і цябе ў адказ, даючы вечнае жыццё.
Ты не толькі ідзеш праз кроў у нашчадкаў – цябе навечна расцягваюць і ўсе справы якія ты рабіў;
тваё аблічча збіраецца з няясных штрыхоў у розуме кожнага, што займаецца тым, да чаго ты спрычыняўся.