Збытак ідэй; збытак падзей.

Я дастаткова назіраў каб цвёрда ведаць, што для абсалютна кожнай ідэі надыходзіць час увасаблення. 

Кожнае слова, кожная нота, кожная выява, намаляваныя і напісаныя публічна ці таемна кім заўгодна – стануць у нейкі момант вузлом чалавечай увагі.

Ня важна дзе гэта адбудзецца, у якой ступені, як скончыцца і як хутка – але яно будзе.

“Нішто ня спыніць ідэі час якой прыйшоў”не тое, пашляціна. Ідэю можна спыніць, і яны паміраюць і глушацца пачкамі, але нам важнае тое, што яна ўвасобіцца.

Кожны каго лічаць “фрыкам” на нейкі час робіцца прарокам. Скіраваным наперад ці назад ці ўбок – няважна.

Абсалютна ўсялякі андэграўнд надоўга ці накаротка робіцца мэйнстрымам.

Таму адзіны варты ўжытак для часу жыцця пасля нараджэння дзяцей – прысвяціць сябе працы на свае ідэі і разам з тым гартаваць цела: каб заставацца ў гульні, каб мець шанец засведчыць гэта ўсё ды скарыстацца магчымасцямі.

Гэта заўсёды выдатнае супадзенне – быць на рагу сваёй ідэі ў момант яе ўвасаблення. Найвышэйшае бласлаўленне Лёсу, найвышэйшая перамога. 

Лінія носьбіта ідэі на вяршыні ейнай хвалі – найярчэйшая выява для любога жывога, шчырага, і чулага чалавека. Таму Напалеон граў у Цэзара, які граў у Аляксандра, які граў у Ахілеса, які граў у Геракла.

Нават і не жывучы падчас таго дзівоснага выяўлення сваёх ідэй, чалавек перамагае.

Тое, у што ўкладаешся, што жывіш, тое жывіць і цябе ў адказ, даючы вечнае жыццё.

Ты не толькі ідзеш праз кроў у нашчадкаў – цябе навечна расцягваюць і ўсе справы якія ты рабіў;

тваё аблічча збіраецца з няясных штрыхоў у розуме кожнага, што займаецца тым, да чаго ты спрычыняўся.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *