Публічныя прасторы жывуць найярчэйшае сваё жыццё ў нестандартныя часы, па-за мэтамі што ім надалі:
- найлепшыя ўспаміны ад школы – калі дзяжурным прыходзіў мыць падлогу раніцай і ў зімовую цемрадзь ішоў па пустых калідорах;
- ісці праз мол без напругі можна толькі калі ён ужо зачыніўся, – пуста, маўкліва, ня долбіць крысмас-пашляціна;
- месца, дзе ўдзень вулічны кірмаш, штоноч астывае і звініць пачуццямі, што буялі там удзень;
- на пустых начных паркоўках адбываецца самае цікавае ў кожным горадзе;
- цьмяныя дзіцячыя пляцоўкі ў дварах – месца сканчэння спатканняў і нараджэння кахання;
і г.д.
Большасць людзей ведае ўсе тыя месцы толькі з аднаго боку, але самі месцы ведаюць людзей з усіх бакоў, і хаваюць тысячы таямніц.
Аскепкі начных размоваў і думак, недапалкі пачуццяў і рэха жарсцяў – усё гэта ўтрымліваюць яны і ўдзень.
Уступаючы ў любую прастору, мы – нібы госці з завязанымі вачыма, намацваем адну нітку з дзесяткаў і ідзем па ёй.
Але ва ўсім схаваная агромністасць што зрэдчас адкрываецца, паварочваецца да нас новым бокам назапашанай інфармацыі.
І наадварот, мы прыўносім нешта сваё ў месцы, і ад гэтага залежыць як нас прымаюць і што выдаюць наўзамен. Абмен, як і межы, адзін з асноўных прынцыпаў Сусвету.
Сынам я кажу кожны раз калі з’язджаем з рыбалкі або пікніка – “вось зараз да рэшткаў нашага вогнішча, да месцаў дзе мы стаялі і сядзелі, дзе размаўлялі, сцягваюцца істоты што нюхаць сляды нашыя думкі і словы, пакінутыя там. Ці прыемна счытваць камусці наш след, што менавіта мы там падвесілі?
Таму мы вітаемся з месцамі, і імкнемся паводзіць сябе шчыра, шчодра, і прыстойна; а пабыўшы – дзякуем і развітваемся.
Месцы могуць як браць так і даваць; адпаведна маюць і сілу ўплываць.