Дзіцячы пот высыпае калі весела.
Узмыленыя галовы азначаюць - час спыніўся ў найлепшай магчымай кропцы.
Пах футболу, лесу, вогнішча, пах вечаровых камароў.
Падлеткавы пот раз’ядае.
Ён пякучы, яго хочацца схаваць, запудрыць, змыць.
Невядома куды дзець яго, чым сцерці, у што пераапрануцца.
Мужчынскі пот - нібы ўпрыгожванне.
Мужчынай ты мусіш ліць пот, ён нікога не абражае. Мужчынскі пот паважны.
Блішчыць сотнямі дыямантаў на скуры падчас вышкалу, працы, ў баі, ён як сузор'е, што з’яўляецца, падоранае Багамі; ды само й высыхае.
Старэчы пот нябачны. Яго няма, але яго чуваць.
Ён танютка пачынае прабівацца праз стому,
праз татавы кашулі на цвіку,
павейвае з дрэва інструмэнтаў,
праз твае кашулі на цвіку,
праз крэсла машыны,
праз старонкі кнігі...
Дзе ты зараз?