Nortfalke ‎- Atmosfeer (2019)

Так, тут менавіта такая музыка як здаецца з вокладкі і аздаблення.

Паветраны, светлы, крышталёва чысты ambient dungeon synth, працяжлівыя ноты на фоне мройна-задуменных арпеджыё.

Абсалютна нічога лішняга, и паўторана менавіта столькі разоў як трэба – якраз да тае пары як знікае страх што яно скончыцца занадта хутка.

Пад гэта ўтульна засыпаць, і вельмі прыдаўся гэты альбом на Каляды ў 2022 годзе. Я быў з дзецьмі ў гарах – у горналыжным курорце дзе не выпаў снег, і адпаведна не прыехалі людзі.

Цішыня па вечарах была проста малітоўная. Я клаў дзяцей засыпаць, адчыняў балкон каб упусціць марозную чысціню, і ціхенька ўключаў гэты альбом. Слухалі разам, пакуль не танулі па чарзе ў сон.

Спалучэнне марозу звонку, Nortfalke, бяздоннай цішыні ў вакне, і цёплай коўдры й любімымі людзьмі тут і цяпер.

У вакне слухала гігант Чрдзілі – гара-воўк, гара-мядзьведзь, і часам здавалася што яе крутая зялёная спіна напітваецца, наталяецца гэтай музыкай.

Я хачу каб усе, каго я люблю, сталі старымі.

Каб скура збірала з гадамі
шнары,
зморшчыны,
сонечныя плямы.

І тыя непазбежныя моманты, калі
на новых чаравіках крэсліцца першая драпіна,
выціраюцца скураныя курткі, зацягваюцца швэдры,
назапашваюць трэскі бамперы машын -
я радуюся ім.

Гэта ўсё праявы часу для пераможцаў,
для сведкаў тае плыні.

Бо калі бачыш гэта - ты плывеш у жыцці,
і жыццё ахінае цябе,
і вы сведчыце адно аднаго.

Андэграўнд

Андэграўнд сілкуе мэйнстрым, заўсёды і паўсюль.

Мэйнстрым сам па сабе няплодны, безідэйны, аднастайны, другасны.

Мэйнстрымныя творцы заўсёды сочаць за андэграўндам.

Заўсёды можна прасачыць, калі заняцца, дакладную хаду думак кожнага мэйнстрымнага дзеяча, углыб да крыніцы іх натхненняў, уражанняў, крыўдаў. Там будзе андэграўнд.

Заўважалі як вашыя ўлюбёныя музыкі заўсёды пералічваюць у якасці сваіх уплываў нешта абсалютна нечаканае (для вас), іншыя стылі, нейіх патаемных маргінальных творцаў.

Гэтаксама і мастакі, і пісьменнікі, палітыкі. Гэта тыя ж механізмы.

У натхнення крывыя шляхі.

Знакі

У большасці трохі павярхоўнае, рэфлектыўнае разуменне знакаў.

Маўляў, – паказалася нешта, значыць прадказвае менавіта нешта адное. Звычайна, тое чаго хочацца тлумачальніку.

Але знакі трошкі не так працуюць.

Знак – гэта вызваленне напружання з прасторы. Нейкая тэма настолькі скампрэсаваная ціскам думак, малітваў, страхаў, абмеркаванняў, што яна выстрэльвае нечым звязаным.

То бок, знак не паказвае і не гарантуе накірунак.

Знак паказвае важнасць.

Да таго ж, існуе свабодная воля людзей, гэта адзін з прынцыпаў уладкавання свету. Воля змяняе свет.

Таму найцьверазейшае тлумачэнне знакаў – яны паказваюць важнасць нейкага пытання. Канкрэтны накірунак і вынік развіцця падзей вырашаецца свабодная воляй і дзеямі ўсіх удзельнікаў.

герб ізяслава трызуб знак 2022

Напрыклад, упершыню знойдзены пад Менскам герб Ізяслава ў 2022 – не азначае хто каго захопіць то хто што куды ўвядзе. Гэта ідэалізм і жаданне пацвьердзіць свае ўласныя погляды.

Карэктнае тлумачэнне знойдзенага трызубу як знаку можна сфармуляваць так: усё што адбываецца ў і навокал сучаснай Украіны мае абсалютна крытычнае значэнне для будучыні Менску і Міншчыны.

Гэты свет

Гностыкі, ці будыстыя, альбо іншыя – ўсе хто верыць што гэты свет ёсць “злым”, пеклам, альбом вязніцай, якой кіруе злы дух-дэміург, а недзе звонку свету ёсць святло і сапраўдны добры бог

гэта для вас

вашыя асноўныя аргуманты – “тут усе мусяць есці адно аднаго каб выжыць, істоты падзеленыя на недасканалых самцоў і самак, канфлікт у аснове існавання, таму гэты свет – і ёсць пекла, з якога трэба вырасці, вырвацца”

дык вось, гэты свет – цуд.

На ўсе тыя ж самыя правілы сусветнага ладу мы глядзім не з агідай, а з захапленнем.

З яйка, якое проста бялок ды жаўток, фармуецца кураня з клювам, капцюрамі, і пер’ем.

З семя выходзіць дрэва – агромністае, дае і зеляніну, і ежу, і драўніну, і кару, і кветкі, і жытло для птушак.

Карова ўвесь дзень перарабляе малакаштоўную зеляніну ў малако – супер-ежу, зробленую дзеля таго каб малы звер стаў вялікім.

З люстэрка пазірае то адзін дзед, то іншы, а з кожным нашым мазалём і недаспанай ноччу вырастаюць і дужэюць дзеці.

Мы і ёсць гэты свет, ягоны рух.

Гэты свет і ёсць выраем.

Мы і ёсць продкі; мы і ёсць нашчадкі.

Канфлікт узмацняе нас. Падзеленасць робіць нас вынаходлівымі. Недахопы падказваюць зручнейшыя шляхі.

Перакананасць у існаванні “выраю” альбо “пекла” недзе ў іншым месцы – прыкмета монатэістых, нават сярод нібыта язычнікаў.

А монатэізм – гэта хвароба душы.

Звычкі камфорту

чалавеку ў зоне камфорту вельмі цяжка рабіць тое што ТРЭБА.

часцей за ўсё ён пачынае рабіць тое да чаго звыклы.

амаль ніколі гэта не тое што трэба.

і нават не заўсёды тое, ў чым ён найлепшы.

пераасэнсоўвай звычкі

Калібрацыя

Калі хоць раз пераймаліся тым,

ці добра адчуваеце дабро і зло,

праўду і хлусню –

дык напад Расеі на Ўкраіну 24 лютага 2022 году –

цудоўны шанец для таго каб калібраваць вашае ўспрыманне.

Ясна ўбачыць атручанае, сапсаванае, выкручанае, анты-чалавечае, анты-боскае.

Калі вы ня маеце яснасці, паслізнуліся ў “не ведаем усяго” і “не да канца зразумела”,

значыць, вымяральнік у душы зусім не калібраваны, трэба падладзіць, падкруціць.

Спяшайцеся, пакуль яшчэ гэты прыклад зла перад вачыма а не распушчаны ў гісторыі.