Міжполавае варагаванне

Сацсеткі, заснаваныя на алгарытмах папулярнасці кантэнту, фармуюць грамадскі дыскурс з большай сілай чым мы калі ўяўлялі.

З гэтага ідзе вялікая шкода – нармалізуюцца пункты гледжання каторыя ў нармальных абставінах былі б абсалютна маргінальнымі.

Адна з самых атрутных праяваў таго – эскалацыя міжполавага варагавання.

Калі зайсці ў стандартную, неналаджаную сацсетку са свежым акаўнтам, пагружаешся ў пастаяннае нагнятанне негатыву між мужчынамі і жанчынамі.

Літаральная нянавісць, скаргі, крыўды, разбуральныя парады.

Сцэнар камунікацыі на міжполавую тэматыку сёння прыблізна такі:

“Мой муж такі смешны, ён праспаў працу”

– піша звычайная жанчына.

Далей 20 каментароў пад запісам:

“ён няспелае дзіцё”

“гэта аб’юцз, бяжыце”

“пераязджайце ў шэлтэр”

“так зрабіў мой тата а потым ён мяне пабіў”

“падавайце на развод”

Алгарытмы сацсетак робяць так што людзі пачынаюць існаваць у зыкрытых пухірах інфармацыі, бо нават калі ты лезеш спрачацца ці абвяргаць – алгарытм у выніку паказвае табе больш і больш падобнага.

Нешта, што вам першапачаткова не падабаецца, спакваля паказваецца часцей і часцей ды робіцца вашай рэальнасцю.

Гэта працуе з усімі тэмамі.

Калі ты намагаешся схуднець і пару разоў упадабаў гісторыі аб тым што схуднець цяжка, або немагчыма, або непатрэбна – трапіш у плынь такога ж кантэнту. Гэта будзе замінаць табе рухацца да мэтаў.

Калі хочаш пераехаць, ці знайсці працу ды чытаеш крыўды аб тым – станеш яшчэ больш дэматываваны.

Але ж тэма міжполавага варагавання ці не найважнейшая, бо ўздзейнічае на наш асноўны інстынкт, на галоўную задачу як жывых арганізмаў, на рух развіцця народаў.

Гэта пляжыць асабістыя гісторыі і вядзе за сабой шматлікія трагедыі.

Калі чалавек праводзіць усё актыўную фертыльную маладосць ў падобных кпінах, спаборніцтве з іншым полам, у сарказме, наведзеных на яго чужых крыўдах, у нейкі момант зразумее, што

– Жыццё ўласна ішло і працягвалася. Людзі, што стаяць на зямлі трошкі цьвярдзей, жылі парамі, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей.

– Жанчыны што ня неслі кожную дробязь на суд сястрынства – абсалютна нармальна прайшлі сямейнае жыццё і пераўтварыліся ў клапатлівых бабуль.

– Мужчыны што не бачылі карыслівасць і маніпуляцыі ў кожным запыце дзяўчын – вырошчвалі сем’і і працягвалі свой род.

Страшна асэнсоўваць што жыў у хлусні. Куды гэта прыводзіць чалавека?

Канешне ж, назад у свой інфармацыйны пухір, але ўжо не з чужымі крыўдамі, а са сваімі. Сістэма самапрацягваецца.

Збольшага, гэта напрыклад асноўная матывацыя сучаснага фемінізму (часу калі абсалютна ніякіх абмежаванняў апрача прыродных у жанчын няма) – распаўсюдзіць крыўды некаторых на ўсіх.

Мішэнь ужо не толькі на мужчынах, якія выстаўляюцца нібы такой проста злой сілай прыроды, а ўласна на жанчнах што шчаслівыя замужам.

Што рабіць?

1) Усведамляць, што мы жывем у час алгарытмічных сацсетак і пастаяннай інфармацыйнай атруты што самапамнажаецца бы вірус.

2) Разумець, што ніколі раней мы не мелі такога глабальнага ўсясветнага кірмашу плётак, дзе нават невядома, чалавек з табой размаўляе ці моўная мадэль.

3) Ясна бачыць, што з паслабленнем прыродных механізмаў натуральнага адбору (бо маем антыбіётыкі, каналізацыю, і мыем рукі), з’яўляецца больш грамадскіх механізмаў адбору.

Гэта і ёсць праверка на эвлюцыйную прыдатнасць: ці зможаш працягнуць сваю кроў пад такім вялікім ціскам міжполавай атрутнасці?

Адпаведна і выбудоўвай свае рухі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *