Водападзел

Водападзел на Беларусі мусіць быць адноўлены, бо гэта тая напруга якая робіць гэтую зямлю святой.

Адны вады ідуць у Балтыку, іншая да Чорнага мора, і іх няможна мяшаць.

Менскае ўзвышша да Лагойску і Хатынскага лесу – гэта месца Пачатку.

Месца размеркавання, месца дзе быў валун, у які ўдарыў Пярун падчас стварэння свету, ды выбіў тры яскаркі.

Мяшанне тых водаў – важная дзеяў ворагаў па выпростванні, аслабленні святога духу нашае зямлі.

Крадзе Вілейскую ваду і нясе ў Свіслач насуперак пагоркам, наперасек іншым рэчкам і вятрам, канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Нахабнае тытанічнае тварэнне – яго, дарэчы, сасніў і намаляваў за паўвека да будоўлі Язэп Драздовіч – і як усё тытанічнае няшчасны і няплодны.

Карасі ў тым канале пакрытыя рачкамі-паразітамі што жыўцом аб’ядаюць ім плаўнікі.

Як я казаў, водападзел будзе адноўлены і я нават бачыў як гэта адбудзецца.

Чаму, што будзе падставай – ня ведаю, але я ведаю як гэта будзе:

Урачыстыя спевы, дуды.

Людзей даволі, шмат дзіцячых галасоў – ідуць наверх да насоснай станцыі каля Вязынкі.

Станцыя афіцыйна спыняецца, нешта нябачнае ссоўваецца на месца і ўсе адчуваюць нечаканыя дрыжыкі ад раптоўнай палёгкі.

Пачынаецца новая эра росквіту гэтае зямлі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *