Саўкі-хрысціяне

Большасць маральных аўтарытэтаў дзевяностых, нулявых, і ўвогуле ўсіх  “элітаў” што ўваходзяць у “мудрую старасць” правялі дзяцінства і маладосць у саўку, то бок сфармаваліся ў атэістычнай сістэме, дзе духоўны складнік асобы ў людзях проста псаваўся.

Адтуль іншы светагляд і нават апарат мыслення датычна духоўных пытанняў. Яны ў тых пытаннях шукаюць рабіць “как нада”, “як на западзе”, альбо “як у цывілізаваным свеце”.

Ранейшае савецкае “как нада” аказалася нежыццяздольным, яны пачалі глядзець “как нада” навокал – і пераключыліся на новае “как нада”.

Натуральнае, старажытнае, і роднае для ўсёй Еўропа паганства большасці з іх нецікава і не дарэчна, бо парушае звыклую хаду думак.

Ім ня надта цікавая праўда і не абураюць фальсіфікацыі і падмены, бо ў савецкай сістэме няшчырасць была нормай.

Пасля духоўнага вакууму саўку яны думаюць што каламуцце хрысціянства – гэта нешта больш паважанае, у іх наагул паважанасць ці не асноўны крытэр прыняцця вырашэнняў.

Калі хлуслівы савок змагаўся з не менш хлуслівым хрысціянствам, ва ўспрыняцці большасці другое адразу здавалася праўдзівым. Тыповая ілжывая дыхатамія, падмацаваная самадавольным сведчаннем уласнай нібы эвалюцыі. “Я ўжо не камуніст, я хрысціянін!”

І на іх перакананне абсалютна непатрэбна марнаваць высілкі, ніякая праца з імі ня вартая таго.

Засяроджвайцеся толькі на моладзі. У нашых дзяцей усё атрымаецца, бацькі ж пражылі жыццё сваёх выбараў і па-свойму.

Пажыўшы нейкі час у Грузіі, адзначаю, якой блізкай тут здаецца смерць.

Насамрэч яна блізкая дзе б ты ні жыў – але ў розных прасторах смерць праяўляецца і прамаўляе па-рознаму.

У Сакартвэла смерць паўсюдна – яскравая, шумная, трагічная.

Сарвацца са скалы, разбіцца ў маршрутцы, патрапіць пад апаўзень, атрымаць нож у жывот у горадзе, кулю ў аўтамабільнай спрэчцы, лядзяш з даху, згарэць.

Пад палаючым сонцам, у сярэдзіне патопу, у шторм, у вецер што зрывае дахі, высока, далёка, цьвёрда.

Грузінская смерць нібы выходзіць працягам з неўтаймаванай волі да жыцця. Тваёй волі, альбо волі твайго ворага.

Усе, з кім сустракаешся на вуліцы позіркам, ведаюць пра яе.

Усе тут прынялі паўсюдную смерць, як тлустага валацужнага сабаку што час ад часу пачынае люта брахаць у нікуды на скрыжаванні.

Ў Беларусі смерць нібы прыхаваная ў шырыню і чысціню. Таму смерць там больш вытыркаецца, яна кожны раз здзіўляе, здаецца ненатуральнай.

Беларуская смерць нібы вылузваецца з бязволля, з нежадання жыць, з хваробы, з залежнасці, з адчаю.

І часта думаецца што трэба паспець у патрэбную хвіліну навярнуцца да жывой, вольнай, імпэтнай смерці.

Бязвольная, бязвыніковая, незаўважная смерць палохае; жывая – натхняе.

Гэта якая тая розніца між Валхол і Хэлем.

Розніца паміж “парэзаць сабе вены” і “зарэзаць аднаго канваіра з трох”.

Воля змяняе нават смерці.

Таму і подзьвіг, аб якім ніхто ня ведае, мае сэнс, бо змяняе самую смерць.

Новая музыка

Малодшы сын сёлета шмат цікавіўся перараджэннем.

Час ад часу пытаў – а як дзядуля будзе, бабуля, хто куды пойдзе.

Тлумачыў пра гонар і пра тое як ён можа ўбачыцца з бабуляй і дзядуляй у сваёх унуках.

Малыя дзеці бліжэйшыя да таго боку, то і заўсёды размовы з імі пра гээта цікавыя.

Напрыклад, аднаго разо даўно, як ён толькі навучыўся гаварыць, я спытаў яго як мы ехалі ў машыне з лесу –

“А ты помніш дзе ты быў пакуль не нарадзіўся? Ты чакаў недзе? Да чаго гэтае месца падобнае?”

Ён вельмі сур’ёзна задумаўся, падбіраючы словы, а потым сказаў

“Так. Ну гэта як новая музыка.”

Плаціны

Паскуднае зверства з падрывам Кахоўскай плаціны і затапленнем берагоў пад ёй падняла шмат вельмі цікавых тэмаў.

Вось колькі назіранняў:

  • Амаль сто год таму камуністыя зрабілі прыблізна тое ж самае – падарвалі, адступаючы ад немцаў ДнепраГЭС у Запарожжы.

Лінула вада, забіла шмат народу.

Цурацца такімі тактыкамі яно не будзе і зараз, бо ёсць працягам злачыннай камуністычнай імпэрыі.

 

  • Адкрываецца Тое што тут Было, і Тыя хто тут быў:

Як пісаў раней пра тлумачэнне знакаў, гэта не гарантыя нейкай паразы, адно паказ таго што гэты вектар сёння – найважнейшы.

 

  • “Экалагічная катастрофа” ад разбурэння плаціны – недарэчная тэма. Разбурэнне дамбы выпраўляе катастрофу яе ранейшага стварэння.

Менавіта сам перагарод рэчак і будоўля плацінаў ёсць экалагічнай катастрофай. Змяняюцца экасістэмы, забруджваецца і застойваецца вада, парушаны жыццёвы цыкл рыбаў і іншых жывёлаў.

Нішчыцца культура і дух месца.

Каб запоўніць тое самае Кахоўскае вадасховішча, гэтаксама тапілі вёскі, людзі плакалі.

Рана ці позна ўсе дамбы мусяць быць парушаныя.

Вадасховішчы ёсць праявай тытанізму – анты-боскай дзейнасці. Багі прамовілі – прырода вырашыла тут быць рацэ. Вада сцякае па сваіх шляхах, усё навокал таксама ідзе па сваіх.

Камуністычная імпэрыя была тытанічная па сваёй сутнасці – то бок імкнулася перакруціць, перайначыць, і перашыць створаны і наладжаны Багамі свет.

Святы ўзгорак Стабурагс на Дзьвіне ў Латвіі затоплены Плявіньскай ГЭС.

Гэтаксама і меліярацыйныя каналы на Беларусі ёсць анты-боскім тытанізмам што нішчаць дух месцаў і забіраюць сілу у зямлі. Гэта будзе адноўлена.

Рана ці позна асушаныя ў Беларусі балаты мусяць быць забалочаныя наноў.

Водападзел між Балтыкай і Чорным морам мусіць быць адноўлены, пачынаючы ад святочнага перакрыцця каналу Вілейска-Мінскай воднай сістэмы і святочнага спынення ягонай помпы пад Вязынкай.

Nortfalke ‎- Atmosfeer (2019)

Так, тут менавіта такая музыка як здаецца з вокладкі і аздаблення.

Паветраны, светлы, крышталёва чысты ambient dungeon synth, працяжлівыя ноты на фоне мройна-задуменных арпеджыё.

Абсалютна нічога лішняга, и паўторана менавіта столькі разоў як трэба – якраз да тае пары як знікае страх што яно скончыцца занадта хутка.

Пад гэта ўтульна засыпаць, і вельмі прыдаўся гэты альбом на Каляды ў 2022 годзе. Я быў з дзецьмі ў гарах – у горналыжным курорце дзе не выпаў снег, і адпаведна не прыехалі людзі.

Цішыня па вечарах была проста малітоўная. Я клаў дзяцей засыпаць, адчыняў балкон каб упусціць марозную чысціню, і ціхенька ўключаў гэты альбом. Слухалі разам, пакуль не танулі па чарзе ў сон.

Спалучэнне марозу звонку, Nortfalke, бяздоннай цішыні ў вакне, і цёплай коўдры й любімымі людзьмі тут і цяпер.

У вакне слухала гігант Чрдзілі – гара-воўк, гара-мядзьведзь, і часам здавалася што яе крутая зялёная спіна напітваецца, наталяецца гэтай музыкай.

Я хачу каб усе, каго я люблю, сталі старымі.

Каб скура збірала з гадамі
шнары,
зморшчыны,
сонечныя плямы.

І тыя непазбежныя моманты, калі
на новых чаравіках крэсліцца першая драпіна,
выціраюцца скураныя курткі, зацягваюцца швэдры,
назапашваюць трэскі бамперы машын -
я радуюся ім.

Гэта ўсё праявы часу для пераможцаў,
для сведкаў тае плыні.

Бо калі бачыш гэта - ты плывеш у жыцці,
і жыццё ахінае цябе,
і вы сведчыце адно аднаго.

Андэграўнд

Андэграўнд сілкуе мэйнстрым, заўсёды і паўсюль.

Мэйнстрым сам па сабе няплодны, безыдэйны, аднастайны, другасны.

Мэйнстрымныя творцы заўсёды сочаць за андэграўндам.

Заўсёды можна прагледзець, калі заняцца, дакладную хаду думак кожнага мэйнстрымнага дзеяча, углыб да крыніцы іх натхненняў, уражанняў, крыўдаў. Там будзе андэграўнд.

Заўважалі як вашыя ўлюбёныя музыкі заўсёды пералічваюць у якасці сваіх уплываў нешта абсалютна нечаканае (для вас), іншыя стылі, нейіх патаемных маргінальных творцаў.

Гэтаксама і мастакі, і пісьменнікі, палітыкі. Гэта тыя ж механізмы.

У натхнення крывыя шляхі.

Знакі

У большасці трохі павярхоўнае, рэфлектыўнае разуменне знакаў.

Маўляў, – паказалася нешта, значыць прадказвае менавіта нешта адное. Звычайна, тое чаго хочацца тлумачальніку.

Але знакі трошкі не так працуюць.

Знак – гэта вызваленне напружання з прасторы. Нейкая тэма настолькі скампрэсаваная ціскам думак, малітваў, страхаў, абмеркаванняў, што яна выстрэльвае нечым звязаным.

То бок, знак не паказвае і не гарантуе накірунак.

Знак паказвае важнасць.

Да таго ж, ёсць лёс і набор імавернасцяў, але існуе й свабодная воля людзей, гэта адзін з прынцыпаў уладкавання свету. Воля змяняе свет.

Таму найцьверазейшае тлумачэнне знакаў – яны паказваюць важнасць нейкага пытання. Канкрэтны накірунак і вынік развіцця падзей вырашаецца свабодная воляй і дзеямі ўсіх удзельнікаў.

герб ізяслава трызуб знак 2022

Напрыклад, упершыню знойдзены пад Менскам герб Ізяслава ў 2022 – не азначае хто каго захопіць то хто што куды ўвядзе. Гэта ідэалізм і жаданне пацвьердзіць свае ўласныя погляды.

Карэктнае тлумачэнне знойдзенага трызубу як знаку можна сфармуляваць так: усё што адбываецца ў і навокал сучаснай Украіны мае вельмі важнае значэнне для будучыні Менску і Міншчыны.

Гэты свет

Гностыкі, ці будыстыя, альбо іншыя – ўсе хто верыць што гэты свет ёсць “злым”, пеклам, альбом вязніцай, якой кіруе злы дух-дэміург, а недзе звонку свету ёсць святло і сапраўдны добры бог

гэта для вас

вашыя асноўныя аргуманты – “тут усе мусяць есці адно аднаго каб выжыць, істоты падзеленыя на недасканалых самцоў і самак, канфлікт у аснове існавання, таму гэты свет – і ёсць пекла, з якога трэба вырасці, вырвацца”

дык вось, гэты свет – цуд.

На ўсе тыя ж самыя правілы сусветнага ладу мы глядзім не з агідай, а з захапленнем.

З яйка, якое проста бялок ды жаўток, фармуецца кураня з клювам, кіпцюрамі, і пер’ем.

З семя выходзіць дрэва – агромністае, дае і зеляніну, і ежу, і драўніну, і кару, і кветкі, і жытло для птушак.

Карова ўвесь дзень перарабляе малакаштоўную зеляніну ў малако – супер-ежу, зробленую дзеля таго каб малы звер стаў вялікім.

З люстэрка пазірае то адзін дзед, то іншы, а з кожным нашым мазалём і недаспанай ноччу вырастаюць і дужэюць дзеці.

Мы і ёсць гэты свет, ягоны рух.

Гэты свет і ёсць выраем.

Мы і ёсць продкі; мы і ёсць нашчадкі.

Канфлікт узмацняе нас. Падзеленасць робіць нас вынаходлівымі. Недахопы падказваюць зручнейшыя шляхі.

Перакананасць у існаванні “выраю” альбо “пекла” недзе ў іншым месцы – прыкмета монатэістых, нават сярод нібыта язычнікаў.

А монатэізм – гэта хвароба душы.

Звычкі камфорту

чалавеку ў зоне камфорту вельмі цяжка рабіць тое што ТРЭБА.

часцей за ўсё ён пачынае рабіць тое да чаго звыклы.

амаль ніколі гэта не тое што трэба.

і нават не заўсёды тое, ў чым ён найлепшы.

пераасэнсоўвай звычкі