Жонка трывае мужа, пакуль ён яшчэ не магутны;
муж трывае жонку, калі яна ўжо не прыгожая;
і калі яны глядзяць назад у старасці, усё набывае сэнс.
Некатрыя мужы так і не робяцца магутнымі;
некаторыя жонкі ніколі й не былі прыгожымі —
гэта таксама чэсны абмен.
Category: паэзія
Сцежкі выяўляюцца, дзе пажадаюць;
тысячы крокаў наліпаюць на іх.
Трава паважліва адступае,
глядзіць з бакоў.
Каменьне вытыркае тлустыя бакавіны:
сцежкі поўныя сілы.
Вада валадарыць на іх як захоча,
ў свой час,
па сваіх правілах.
Пасля вады, вецер разносіць сонца па рэчышчы.
На сцежках думай аб добрым.
Удранка
Усё менш бачна розніцы між мінулым і будучыняй;
успаміны можна выклікаць да сябе, як і мары.
Абраць жыць у любы час.
Светлыя ўспаміны і светлыя мроі --
асвятляецца ўсё.
пот

Дзіцячы пот высыпае калі весела.
Узмыленыя галовы азначаюць - час спыніўся ў найлепшай магчымай кропцы.
Пах футболу, лесу, вогнішча, пах вечаровых камароў.
Падлеткавы пот раз’ядае.
Ён пякучы, яго хочацца схаваць, запудрыць, змыць.
Невядома куды дзець яго, чым сцерці, у што пераапрануцца.
Мужчынскі пот - нібы ўпрыгожванне.
Мужчынай ты мусіш ліць пот, ён нікога не абражае. Мужчынскі пот паважны.
Блішчыць сотнямі дыямантаў на скуры падчас вышкалу, працы, ў баі, ён як сузор'е, што з’яўляецца, падоранае Багамі; ды само й высыхае.
Старэчы пот нябачны. Яго няма, але яго чуваць.
Ён танютка пачынае прабівацца праз стому,
праз татавы кашулі на цвіку,
павейвае з дрэва інструмэнтаў,
праз твае кашулі на цвіку,
праз крэсла машыны,
праз старонкі кнігі...
Дзе ты зараз?
Браты цягнуцца адзін да аднаго ў сне,
на якіх баках ложку б ні паклаў іх.
Цягам ночы праверу -
сапяць абняўшыся,
ці паклаўшы адно на аднаго ногі,
рукі,
галовы.
Цікава што сняць.
Расцягну, накрыю -
спаўзаюцца зноў.
Водападзел
Водападзел на Беларусі мусіць быць адноўлены, бо гэта тая напруга якая робіць гэтую зямлю святой.
Адны вады ідуць у Балтыку, іншая да Чорнага мора, і іх няможна мяшаць.
Менскае ўзвышша да Лагойску і Хатынскага лесу – гэта месца Пачатку.
Месца размеркавання, месца дзе быў валун, у які ўдарыў Пярун падчас стварэння свету, ды выбіў тры яскаркі.
Мяшанне тых водаў – важная дзеяў ворагаў па выпростванні, аслабленні святога духу нашае зямлі.
Крадзе Вілейскую ваду і нясе ў Свіслач насуперак пагоркам, наперасек іншым рэчкам і вятрам, канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
Нахабнае тытанічнае тварэнне – яго, дарэчы, сасніў і намаляваў за паўвека да будоўлі Язэп Драздовіч – і як усё тытанічнае няшчасны і няплодны.
Карасі ў тым канале пакрытыя рачкамі-паразітамі што жыўцом аб’ядаюць ім плаўнікі.
Як я казаў, водападзел будзе адноўлены і я нават бачыў як гэта адбудзецца.
Чаму, што будзе падставай – ня ведаю, але я ведаю як гэта будзе:
Урачыстыя спевы, дуды.
Людзей даволі, шмат дзіцячых галасоў – ідуць наверх да насоснай станцыі каля Вязынкі.
Станцыя афіцыйна спыняецца, нешта нябачнае ссоўваецца на месца і ўсе адчуваюць нечаканыя дрыжыкі ад раптоўнай палёгкі.
Пачынаецца новая эра росквіту гэтае зямлі.
Жывучы нейкі час у Грузіі, вяртаюся да назірання якой блізкай тут здаецца смерць.
Насамрэч яна блізкая дзе б ты ні жыў – але ў розных прасторах смерць праяўляецца і прамаўляе па-рознаму.
У Сакартвэла смерць паўсюдна – яскравая, шумная, трагічная.
Сарвацца са скалы, разбіцца ў маршрутцы, патрапіць пад апаўзень, атрымаць нож у жывот у горадзе, кулю ў аўтамабільнай спрэчцы, лядзяш з даху, згарэць.
Пад палаючым сонцам, у равучым дажджу, ў шторм, у вецер што зрывае дахі, высока, далёка, цьвёрда.
Грузінская смерць нібы выходзіць працягам з неўтаймаванай волі да жыцця. Тваёй волі, альбо волі твайго ворага.
Усе з кім сустракаешся на вуліцы позіркам, ведаюць пра яе.
Усе тут прынялі паўсюдную смерць, як тлустага валацужнага сабаку што час ад часу пачынае люта брахаць у нікуды на скрыжаванні.
Ў Беларусі смерць нібы прыхаваная ў шырыню і чысціню. Таму смерць там больш вытыркаецца, яна кожны раз здзіўляе, здаецца ненатуральнай.
Беларуская смерць нібы вылузваецца з бязволля, з нежадання жыць, з хваробы, з залежнасці, з адчаю.
І так часта ловіш сябе на думцы што трэба паспець у патрэбную хвіліну навярнуцца да жывой, вольнай, імпэтнай смерці.
Бязвольная, бязвыніковая, незаўважная смерць палохае, жывая – натхняе.
Гэта якая тая розніца між Валхол і Хэлем.
Розніца паміж “парэзаць сабе вены” і “зарэзаць аднаго канваіра з трох”.
Воля змяняе нават смерці.
Таму і подзьвіг, аб якім ніхто ня ведае, мае сэнс, бо змяняе самую смерць.
Новая музыка
Малодшы сын сёлета шмат цікавіўся перараджэннем.
Час ад часу пытаў – а як дзядуля будзе, бабуля, хто куды пойдзе.
Тлумачыў пра гонар і пра тое як ён можа ўбачыцца з бабуляй і дзядуляй у сваёх унуках.
Малыя дзеці бліжэйшыя да таго боку, то і заўсёды размовы з імі пра гээта цікавыя.
Напрыклад, аднаго разо даўно, як ён толькі навучыўся гаварыць, я спытаў яго як мы ехалі ў машыне з лесу –
“А ты помніш дзе ты быў пакуль не нарадзіўся? Ты чакаў недзе? Да чаго гэтае месца падобнае?”
Ён вельмі сур’ёзна задумаўся, падбіраючы словы, а потым сказаў
“Так. Ну гэта як новая музыка.”
Я хачу каб усе, каго я люблю, сталі старымі.
Каб скура збірала з гадамі
шнары,
зморшчыны,
сонечныя плямы.
І тыя непазбежныя моманты, калі
на новых чаравіках крэсліцца першая драпіна,
выціраюцца скураныя курткі, зацягваюцца швэдры,
назапашваюць трэскі бамперы машын -
я радуюся ім.
Гэта ўсё праявы часу для пераможцаў,
для сведкаў тае плыні.
Бо калі бачыш гэта - ты плывеш у жыцці,
і жыццё ахінае цябе,
і вы сведчыце адно аднаго.